|
“Моладзь у вёсцы думае толькі пра тое, дзе бы выпіць і закусіць” |
|
|
Валянцін Жданко, Менск |
|
Адной з найбольш адметных падзеяў мінулага тыдня стала тое, што Рада Эўропы зьвярнула пільную ўвагу на праблему зьніклых беларускіх палітыкаў і адрасавала афіцыйнаму Менску надзвычай жорсткае папярэджаньне. Як успрынялі ў беларускім грамадзтве апошнія рэзалюцыі Парламенцкай Асамблеі Рады Эўропы? Вось які электронны ліст на гэтую тэму даслаў нам Яўген Пашкевіч зь Менску. Ён піша:
“Дзіўна, што Захад надае столькі ўвагі так званай “праблеме зьніклых”. Мінула столькі гадоў — няўжо няма іншых, больш значных праблемаў? Дый што значыць зьнікненьне некалькіх чалавек — вунь колькі людзей гіне ў аўтамабільных катастрофах, у выніку няшчасных выпадкаў. І ніхто на гэта не зьвяртае асаблівай увагі, так адбываецца ў любой краіне. Я разумею, чаму з гэтай тэмай так доўга важдаецца апазыцыя: у яе проста крызыс новых ідэяў, вось і носяцца са старымі лёзунгамі як зь пісанай торбай. А на Захадзе ж прагматычныя палітыкі, павінны ўмець лічыць свае грошы. Для іх куды больш выгадна падтрымліваць зь беларускімі ўладамі шчыльныя эканамічныя стасункі, чым разьдзьмуваць дробязную праблему са зьнікненьня некалькіх асобаў, якія да таго ж у свой час верай і праўдай служылі Лукашэнку”.
Тыя, хто рыхтаваў і ажыцьцяўляў апэрацыю, у выніку якой зьніклі (а верагодней за ўсё — былі забітыя) Віктар Ганчар, Юры Захаранка ды іншыя — якраз і разьлічвалі на тое, што справа хутка забудзецца, што на яе перастануць зьвяртаць увагу за мяжой, што з гэтым зьмірыцца грамадзтва... Калі б так адбылося, вельмі магло здарыцца, што зьнікненьні палітыкаў у Беларусі працягваліся бы і сёньня. Каштоўнасьць жыцьця асобнага чалавека ў дэмакратычных краінах іншая, чым пра гэта думаюць многія палітыкі савецкай школы. Пра гэта афіцыйнаму Менску на Захадзе нагадваюць ужо пяць гадоў пры кожным зручным выпадку. І рана ці позна Беларусі давядзецца расставіць кропкі над “і” ў справе зьнікненьняў палітычных апанэнтаў улады.
Урывак зь ліста Васіля Самусевіча зь мястэчка Вішнявец Валожынскага раёну. Слухач піша:
“Пабачыў у бібліятэцы маляўнічы альбом з усхваленьнямі Аляксандра Рыгоравіча. Зьвярнуў увагу на тое, што чамусьці няма ў гэтым альбоме ні ягонай маці, ні бацькі, ні жонкі. (Зь якой прычыны гэта стала вялікім сакрэтам?) А ёсьць чамусьці толькі Філарэт. Увогуле, над многімі пытаньнямі задумваесься, калі чытаеш біяграфію прэзыдэнта Беларусі. Стаў ён магілёўскім гісторыкам, вывучаў гісторыю Беларусі. Хто ж яго вучыў, калі ён так баіцца гістарычных беларускіх сымбаляў — гербу Пагоня, бел-чырвона-белага сьцяга? Калі вынішчае мову, на якой яго выхоўвалі ў дзяцінстве?”
Факты гэтыя, спадар Самусевіч, даўно вядомыя. Прычым, вядомыя яны былі і падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Калі б масавая грамадзкая сьвядомасьць ставілася да іх інакш, чым ставіцца, дык і жонка прэзыдэнта жыла бы ў Драздах, а ня ў Шклове, і сьцяг над прэзыдэнцкай рэзыдэнцыяй быў той самы, пад якім Лукашэнка даваў прэзыдэнцкую прысягу, і беларуская мова цяпер гучала бы ў чыноўніцкіх кабінэтах.
Пра лёс калгасаў разважае ў сваім новым лісьце наш слухач Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Ён піша:
“Улада і ліквідоўваць калгасаў ня хоча, і прадаць шкадуе. Усё цяпер у падвешаным стане. Трактарыст у калгасе камандуе старшынём — ці ж было такое калі-небудзь? Моладзь ужо адвыкла ад працы. Жывуць у вёсцы, а карову не трымаюць. Калі і пасадзяць бульбу, дык ня полюць — бур’ян на агародзе вырошчваюць. А як няма чаго есьці, бульба скончылася — ідуць уначы да суседа, так бы мовіць, “пазычыць”. І калі ёсьць магчымасьць, дык забяруць усё падчыстую. Увогуле, наш народ аб сваіх дзецях ня думае. І галасаваць будзе машынальна, як заўсёды. А моладзь у вёсцы тым часам думае толькі пра тое, дзе б выпіць і закусіць. Найчасьцей кажуць так: “Усё роўна наш голас нічога не вырашае”. Забываюць, што дружны народ здольны горы зьвярнуць”.
На маю думку, спадар Сац, многае ў сёньняшнім вясковым (і ня толькі вясковым) жыцьці ў Беларусі тлумачыцца тым, што людзі ня маюць стымулу для плённай працы. Як бы ні стараўся калгасьнік, колькі б сілаў ні прыкладаў за рулём трактара альбо зь віламі на фэрме — усё роўна ў канцы месяца атрымае амаль такую ж жабрацкую зарплату, як і гультаяваты сусед. Не ягоная гэта фэрма, не ягоны трактар, не ягоная зямля — у гэтым і ёсьць асноўная прычына заняпаду вёскі. Ці ведае пра гэта ўлада? Безумоўна. Але баіцца страціць кантроль над людзьмі і зямлёй. Уся сыстэма прымусу на вёсцы пабудаваная на тым, што чалавек ня мае ўласнасьці і ў сваіх клопатах аб выжываньні цалкам залежны ад калгаснага старшыні: ад яго атрымлівае і кавалак зямлі, каб пасадзіць бульбу, і каня, каб апрацаваць участак. Калгасная ж улада цалкам кантралюе на вёсцы любыя выбары, бо мае ўсе рычагі эканамічнага ўзьдзеяньня на чалавека.
Ліст ад Кастуся Валынскага зь Вільні. Слухач разважае пра тое, як мяняецца стаўленьне ўлады да чарнобыльскіх праблемаў. Цытата зь ліста:
“На пачатку 90-х гадоў тагачасны ўрад прэм’ера Кебіча рабіў больш-меньш актыўныя крокі, каб зьменшыць узьдзеяньне радыяцыі на жыхароў забруджаных раёнаў: была прынятая і пачала выконвацца праграма перасяленьня жыхароў забруджанных раёнаў у Менск ды іншыя мясцовасьці. А вось за апошняе дзесяцігодзьдзе ўлада толькі й рабіла, што супакойвала жыхароў забруджаных раёнаў хлусьнёй пра бясьпеку малых дозаў радыяцыі ды загадвала нарошчваць пастаўкі сельгаспрадукцыі з забруджаных земляў у астатнія рэгіёны Беларусі. Выкарыстоўваецца той жа камуністычны прынцып — хаваць ад людзей праўдзівую інфармацыю. Тое ж самае было ў той час, калі выбухнуў Чарнобыль: людзей пагналі на сьвяточныя першамайскія дэманстрацыі! Кастусь Валынскі, Вільня”.
Хаваць ад людзей аб’ектыўную інфармацыю так, як гэта рабілі камуністычныя ўлады ў сярэдзіне 1980-х гадоў, цяпер, Кастусь, ужо наўрад ці магчыма: гэтулькі было напісана і сказана за мінулыя васямнаццаць гадоз на тэму Чарнобылю... Той, хто хоча ведаць праўду пра Чарнобыль, мае такую магчымасьць. Іншая рэч, што якраз гэтая разнастайнасьць і супярэчлівасьць інфармацыі, стомленасьць людзей ад шматгадовай стрэсавай сытуацыі, якая ў многіх спарадзіла абыякавасьць, і дазволіла ўладам пачаць раптам размову пра тое, што прымусовае высяленьне нібыта магло быць памылкай, і цяпер можна дазволіць людзям вяртацца ў пакінутыя некалі вёскі. Нават калі некаторыя навукоўцы пацьвярджаюць такія высновы (хоць цьверджаньні гэтыя выклікаюць вялікі сумнеў), гэта зусім не дае палітыкам падставы рызыкаваць здароўем і жыцьцём людзей дзеля прывіднай эканамічнай выгады.
На заканчэньне — два кароткія лісты на адну тэму. Вось што піша Генусь Агафонаў зь Віцебску:
“Ведаю, што зьявіліся новыя каляндарыкі зь летнім раскладам перадачаў Радыё Свабода. Праўда, Беларускую Свабоду я і без раскладу даўно слухаю — і ведаю, як настроіцца на яе хвалю. Але прыемна мець у кішэні некалькі новых каляндарыкаў з выявамі палотнаў слынных беларускіх мастакоў, каб падарыць гэтыя каляндарыкі сябрам”.
З такой жа просьбай зьвярнуўся да нас і Яўген Галякевіч з Пружанаў:
“Рэгулярна раніцай слухаю Беларускую Свабоду. Дзякуй вам за карысную працу. Будзе вельмі добра, калі парадуеце каляндарыкамі з новым раскладам перадачаў”.
І вам, Генусь, і вам, Яўген, мы з задавальненьнем дасылаем новыя каляндарыкі зь летнім раскладам Беларускай Свабоды. Дзякуй за цёплыя словы.
На мінулым тыдні мы таксама атрымалі шэраг допісаў на конкурс “Мая Свабода”, прысьвечаны 50-гадоваму юбілею Беларускай службы Радыё Свабода. Свае развагі і ўспаміны нам даслалі Валянціна Арцёмава, Галіна Супрунчук, Людміла Ліцьвінава, Барыс Крыўцоў зь Менску, Уладзімер Чайкоўскі зь вёскі Новадзявяткавічы Слонімскага раёну, Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну, Міхал Сантаровіч з Койданава (Дзяржынску), Віктар Макарэвіч зь вёскі Няровы Валожынскага раёну, Павал Белавус зь Ліды, Іван Русак з Наваградку, Алесь Гагін са Смаргоні, Уладзімер Гайдукевіч з Бабруйску, Леанід Кулеш зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну, Генусь Агафонаў зь Віцебску, Зыгмунт Дзякевіч зь мястэчка Радунь Воранаўскага раёну і Ніна Карапузава з Лунінца.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by. |
|
|
|
|