|
“Са слязьмі на вачах я ўбачыла, што “Чарнобыльскі шлях” сканаў” |
|
|
Валянцін Жданко, Менск |
|
Ужо не адзін год канец красавіка і пачатак траўня — традыцыйная пара вулічнай актыўнасьці апазыцыі. Але час, калі на мітынгі і маніфэстацыі выходзілі дзясяткі тысячаў людзей, застаўся ў мінулым. Апошнія гады, у тым ліку і сёлета, у апазыцыйных акцыях брала ўдзел нязначная колькасьць людзей. Чаму так адбываецца? Вось як разважае над гэтым у сваім лісьце на Свабоду даўняя ўдзельніца многіх мітынгаў і шэсьцяў апазыцыі Тацяна Барэль з Асіповічаў. Слухачка піша:
“Са сьлязьмі на вачах магу адзначыць, што “Чарнобыльскі шлях” сканаў. Бяздарная акцыя “апазыцыі” паставіла кропку на магчымасьці паведамляць сьвету аб пасьлячарнобыльскім стане Беларусі. Гэтаму папярэднічаў яшчэ больш бяздарна прызначаны на 25 красавіка сход інтэлігенцыі. На ім зманілі пра месца збору, што было раўназначна правалу акцыі. І я больш ня веру асобам, якія сабралі людзей на плошчы Якуба Коласа, а самі ў прызначаны час не прыйшлі. Затым не змаглі арганізаваць прысутных, дачакаўшыся, пакуль іх пачне разганяць АМОН.
Хіба нельга было правесьці мітынг проста на плошчы? Хіба нельга было расказаць таму самаму АМОНу, што ў нас памерлі вёскі і пачынаюць выміраць раённыя цэнтры? Што заклік кіраўніка дзяржавы да вяртаньня на жыхарства ў зону — гэта заклік да самагубства? Чаму ж чыноўнікі ня едуць туды жыць, ці хаця б адпачываць? Але гэтага не было сказана. Людзей, якім баліць сэрца за Беларусь, папросту як сабак разагналі”.
Наўрад ці магчыма было, спадарыня Барэль, на плошчы пра штосьці распавядаць і ў нечым пераконваць “амонаўцаў”, дамагаючыся, каб яны зьмянілі стаўленьне да мітынгоўцаў. Відавочна, чарнобыльская бяда ўжо не ўспрымаецца ў беларускім грамадзтве так востра, як гэта было 10–15 гадоў таму. І сабраць пад гэтымі лёзунгамі 50-тысячны мітынг, як на пачатку 1990-х гадоў, сёньня ўжо нерэальна. Асабліва ўлічваючы той факт, што арганізатары і ўдзельнікі любой масавай акцыі ў сёньняшніх беларускіх умовах непазьбежна рызыкуюць уласнай свабодай.
Ліст ад слухача зь Менску, які падпісаўся як Антон Вясковы. Ён піша:
“Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў стварыць у Беларусі для расейцаў умовы лепшыя, чым у Расеі. Як я мяркую, гэтым ён заахвочвае расейцаў да эміграцыі ў Беларусь. А чаму ён не запрашае ў Беларусь этнічных беларусаў з Расеі ды іншых краінаў? Усё ж свае людзі. Зноў жа — добра ведаюць расейскую мову, паважаюць любую ўладу і добра ўпісаліся бы ў палітыку прэзыдэнта ў нацыянальным пытаньні. Праўда, у сельскую мясцовасьць яны, думаю, не паедуць. Там, дарэчы, засталося каля чвэрці беларускамоўных школ — а ім гэта, лічы, нязручна. А ў гарадах у нас ужо амаль усё па-расейску: адукацыя, справаводзтва, афармленьне вуліц і г.д. І тады б Лукашэнку лягчэй было бы змагацца супраць распальваньня нацыянальнай варожасьці ў нашай ціхай талерантнай Беларусі. А то зараз я ніяк ня ўцямлю, куды накіраваная нацыянальная палітыка прэзыдэнта”.
Быў, Антон, на пачатку 1990-х гадоў ня надта працяглы пэрыяд, калі ў Беларусь вельмі актыўна перасяляліся сем’і беларусаў з розных рэгіёнаў Расеі, Цэнтральнай Азіі і нават з краінаў Балтыі. Але ён вельмі хутка скончыўся. Адмысловай дзяржаўнай праграмы, паводле якой суайчыньнікі атрымлівалі бы матэрыяльную падтрымку дзеля перасяленьня, у Беларусі няма. А жыцьцёвы ўзровень у краіне ня вабіць ня тое што жыхароў Балтыі і Расеі, а нават і Казахстану.
На сёньня колькасьць ахвотных пераехаць на жыхарства ў Беларусь зь іншых краінаў СНД нязначная, яна не ідзе ні ў якое параўнаньне з тымі, хто імкнуцца на Захад. І гатовыя асесьці тут у асноўным не беларусы, а прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў з краінаў СНД і Цэнтральнай ды Паўднёвай Азіі. Часта гэта ня надта працавітыя і законапаслухмяныя асобы: у гэтым пераканаліся, напрыклад, у многіх так званых “чарнобыльскіх” раёнах Беларусі, дзе напачатку вельмі прыязна сустракалі перасяленцаў, давалі ім парожнія хаты і дапамагалі хутка атрымаць грамадзянства.
Ліст ад Казіміра Нарковіча зь Берасьця. Слухач піша:
“Вельмі цяжка доўга слухаць вашыя перадачы. Стыль і мэта іх цалкам накіраваны на крытыку і зьнявагу прэзыдэнта Беларусі. Гэтым самым вы зьневажаеце і людзей, якія яго выбіралі. Я ніколі ня чуў на хвалях Свабоды, што Лукашэнка адбудаваў храмы, касьцёлы, школы, палацы. Колькі гаспадарак ён дапамог узьняць! Колькі таленавітых людзей атрымалі ад яго дапамогу! Вы шмат увагі надаяце балбатунам, крыкунам з розных рухаў і апазыцыі. А мы, простыя людзі, нічога ня ведаем пра тое, што яны зрабілі для Беларусі і для людзей. Каму яны што параілі, каму дапамаглі? Дзе ўмяшаліся і навялі парадак? Што датычыцца бруду і зьнявагі — гэта ўсё вельмі лёгка рабіць на вашых хвалях, гэтага я ня слухаю. Мне падабаецца слухаць на тэмы “Жывіце доўга”, “Старонкі мінулага”, апошнія навіны”.
Найпершая наша мэта, спадар Нарковіч, падаваць аб’ектыўную інфармацыю, і асабліва тую, якой людзі ў Беларусі ня могуць атрымаць празь дзяржаўныя мэдыі. Вось вы захапляецеся тым, што Лукашэнка, як вы пішаце, “адбудаваў храмы, касьцёлы, школы, палацы”. Але дзясяткі тысяч каталікоў і пратэстантаў у Беларусі абурыліся б гэтым сьцьвярджэньням. Улада дапамагае праваслаўнай царкве, але ў той жа час чыніць перашкоды ўсім іншым канфэсіям, якія нават на свае ўласныя грошы (пра дзяржаўную фінасавую дапамогу размовы тут увогуле ня ідзе) часта ня маюць магчымасьці весьці будаўніцтва і аднаўленьне сваіх сьвятыняў — чыноўнікі не даюць на тое дазволу.
Вы пішаце пра будаўніцтва новых школаў, а тысячы беларускіх настаўнікаў абураюцца тым, што ў выніку кампаніі масавага закрыцьця малакамплектных школаў у аддаленых вёсках яны страцілі працу, а дзеці — магчымасьць атрымліваць паўнавартасную адукацыю. Вы ў захапленьні ад узьнятых калгасаў? Але за апошнія дзесяць гадоў колькасьць стратных калгасаў у Беларусі перавысіла палову ўсіх гаспадарак.
Магчыма, у чым-небудзь вас, спадар Нарковіч, зможа пераканаць іншы наш слухач — Дзьмітры Верзун зь Нясьвіжу. У сваім лісьце на Свабоду ён піша:
“Слухаю вас часта, а напісаць вырашыў упершыню. Лічу вас найлепшым правадніком праўды і носьбітам беларускай культуры на тэрыторыі нашай рэспублікі, хоць вы і існуеце на грошы Кангрэсу ЗША. Атрымаць праўдзівую інфармацыю зь дзяржаўных мэдыяў не ўяўляецца магчымым, а расейскія СМІ надаюць нам надта мала ўвагі. У краіне склалася сытуацыя, якая нікога не павінна пакінуць абыякавым. Расейскія лібэралы і дэмакраты на ўвесь сьвет енчаць пра канец дэмакратыі ў Расеі. Што яны сказалі б, пажыўшы ў нас хоць месяц?”
Далей у сваім лісьце на Свабоду Дзьмітры Верзун зь Нясьвіжу разважае наконт выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што ён не аддасьць дзяржаўную зямлю ў прыватныя рукі й ня будзе затанна прыватызаваць дзяржаўныя прадпрыемствы. Слухач з гэтай нагоды піша:
“А адкуль дзяржава ўзяла гэтую самую зямлю? Можа, бальшавікі ў 1917 і 1939-м, як каляністы, асвойвалі бязьлюдныя і дрымучыя лясы і пусткі? Усе ж ведаюць, хто быў сапраўдным гаспадаром гэтай зямлі і дзе ён у далейшым апынуўся. Каго да сьценкі паставілі, каго ў Сібіры згнаілі. Дзяржава мае на гэтую зямлю такія ж правы, як Папа Рымскі на расейскі прастол. І ўвогуле: што такое дзяржава? Складваецца ўражаньне, што гэта нейкая абстрактная субстанцыя, што існуе сама і бярэ сабе энэргію зь іншага сьвету. Мяркуючы па ўсім, у нас народ, як і царква, ад дзяржавы аддзелены. У нас народ для дзяржавы, а не дзяржава для народу.
Палова калгасаў — стратныя, іх ужо прывязваюць да прадпрыемстваў, а Лукашэнка ўпарта не жадае праводзіць рэформаў. З поўначы і з захаду з намі ўжо мяжуюць Эўразьвяз і НАТО, а з поўдня і з усходу — краіны з рынкавай эканомікай, якія наўрад ці павернуць у мінулае. І няўжо Лукашэнка думае, што Беларусь у такім стане будзе заставацца на стагодзьдзі? Ці ён думае жыць вечна? Рана ці позна настане канец ягонай эпохі, і тады нам давядзецца перажыць тое, што іншыя краіны даўно ўжо прайшлі”.
На жаль, спадар Верзун, каб успрыняць і прызнаць за слушныя гэтыя, на першы погляд, відавочныя высновы, многім у беларускім грамадзтве патрэбен даволі значны час. А без істотных зрухаў у грамадзкай сьвядомасьці тыя зьмены ў краіне, пра якія вы пішаце як пра непазьбежныя, наўрад ці могуць адбыцца.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Міхаіл Калтуноў, Мікалай Вязьмін і Алесь Камцаў зь Менску, Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну і Генадзь Арлукевіч зь вёскі Багданаўцы Шчучынскага раёну.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by. |
|
|
|
|