|
“Нядаўна мяне хацелі справакаваць гэтак жа, як і Міхаіла Марыніча” |
|
|
Валянцін Жданко, Менск |
|
Падзеі вакол арышту вядомага апазыцыйнага палітыка, былога міністра і амбасадара Міхаіла Марыніча — галоўная тэма лістоў, адабраных для агляду пошты Беларускай Свабоды. Пачну з электроннага допісу на гэтую тэму, які даслала на Свабоду праваабаронца Аксана Новікава зь Менску. Яна піша:
“Апошнім часам сёй-той з заходніх палітыкаў прапануе Расеі стаць, так бы мовіць, “спонсарам” дэмакратычнага працэсу ў Беларусі. Пра гэта ж шмат пішуць расейскія і апазыцыйныя беларускія мэдыі. Усьлед за імі шэраг беларускіх палітыкаў і партыяў робяць заявы пра тое, што іх нібыта “падтрымліваюць” нейкія “дзелавыя ды палітычныя колы” ў Расеі. А таму, маўляў, неабходна выкарыстоўваць гэтыя магчымасьці і ўдзельнічаць у восеньскіх выбарах. І калі Міхаілу Марынічу прапанавалі падтрымку нібыта ад расейскіх спонсараў, ён на тле ўсё гэтай шуміхі, верагодна, не дапускаў нават думкі пра тое, што ў гэтых грошай зусім ня тое паходжаньне, як яму кажуць. І, вядома, ён не правяраў гэтыя грошы на дэтэктары валют.
Пасьля гэтага засталося толькі даць ДАІ каманду на затрыманьне і на пошук таго, што трэба знайсьці. Па тым, як Марыніч паводзіў сябе на першым допыце, было відаць, што толькі тады ён пачаў разумець, ахвярай якой правакацыі яго зрабілі.
Асабіста я нікога не прадстаўляю, апроч сябе. Але гэтак жа нікога не прадстаўляюць і многія нашы палітыкі, асабліва адстаўныя чыноўнікі. Адважуся нават сьцьвярджаць, што мае погляды адлюстроўваюць спадзяваньні большай колькасьці людзей, бо мне ўсяго 30 гадоў. Я ніколі не была на дзяржаўнай службе, і ў меншай ступені гатовая стаць ахвярай такога кшталту правакацыі. Мне, напрыклад, ня прыйдзе ў галаву, што мной могуць цікавіцца “людзі Караганава ці Мядзьведзева”.
Кажу гэта з упэўненасьцю, бо нядаўна была спроба правакацыі і адносна мяне. Нейкі чалавек патэлефанаваў і прапанаваў сустрэцца. Падчас размовы сьцьвярджаў, што ён з Фонду Сораса і раздае грошы на барацьбу з рэжымам. Узамен яму трэба толькі даць у пісьмовым выглядзе дакладную праграму “зьвяржэньня рэжыму” са сьпісамі ўдзельнікаў, сувязямі і г.д. Мне чамусьці не прыйшло ў галаву, што ён — расейскі сябар. Выкарыстоўваючы веру чалавека ў што-небудзь, вельмі лёгка маніпуляваць ягонымі дзеяньнямі, што вынікаюць з гэтай веры. Таму думаю, што гэтая правакацыя — не апошняя”.
У сваім лісьце Аксана Новікава выказвае меркаваньне, што ўсе гэтыя падзеі ёсьць сьведчаньнем таго, як улада будзе праводзіць выбары сёлета ўвосень.
“Удзел у гэтых выбарах і ў магчымым рэфэрэндуме і ёсьць самая вялікая правакацыя ўладаў у гэтым годзе, — робіць выснову слухачка. — Я ведаю сапраўдныя прычыны того, чаму бамонд ірвецца ў іх удзельнічаць, і не магу вітаць гэта. Асабліва ў сьвятле магчымага сумяшчэньня выбараў і рэфэрэндуму аб падаўжэньні паўнамоцтваў. Ведаю, што маё меркаваньне не супадае зь меркаваньнем “уплывовых палітыкаў”, як яны самі сябе называюць. Гатовая адстойваць яго нават у адзіноце ці нават у тым выпадку, калі Лукашэнка вырашыць уступіць у БНФ. Ня думаю, што мяне пачуюць, але прашу ўспомніць “плач Касандры” і тое, што радзіма і свабода даражэй за любыя палітычныя тэхналёгіі”.
Ці павінна апазыцыя ўвогуле адмаўляцца ад любой фінансавай дапамогі з-за мяжы — хаця б дзеля захаваньня свайго добрага імя і каб пазьбегнуць правакацыяў (а яны, несумненна, магчымыя — тут Аксана Новікава мае рацыю, хоць і цяжка казаць нешта пэўнае адносна ейнай вэрсіі ў справе Марыніча)? Вядома, у ідэале заўсёды больш даверу і спагады да таго, хто змагаецца за свае ідэі бескарысьліва і самаахвярна. Але ў той жа час ў сучаснай палітычнай барацьбе цяжка разьлічваць на посьпех, ня маючы за плячыма ніякіх матэрыяльных і людзкіх рэсурсаў. Газэтныя публікацыі, тэлевізійныя інтэрвію, сустрэчы з выбарцамі, улёткі і плякаты — без усяго гэтага імя і праграма палітыка папросту ня будзе вядомым. А ўсё гэта каштуе грошай, і немалых.
Працягнем размову пра наступствы і прычыны так званай “справы Марыніча”, пра ягонае прызнаньне, зробленае на допыце ў КГБ — аб тым, што знойдзеная ў яго буйная сума грошай прызначалася на падтрымку кандыдатаў ад апазыцыі ў часе маючых адбыцца восеньскіх выбараў у Палату прадстаўнікоў. Так, безь немалых матэрыяльных рэсурсаў посьпех выбарчай кампаніі выглядае малаверагодным. А зь іншага боку, заўсёды застаецца небясьпека таго, што падобныя факты будуць выкарыстаныя палітычнымі апанэнтамі дзеля дыскрэдытацыі супернікаў. У гэтым сэнсе так званая “справа Марыніча” накіраваная на зусім пэўныя мэты. І часткова гэтых мэтаў дасягнула. Гэта бачна прынамсі па некаторых лістах нашых слухачоў. Вось што піша на гэтую тэму Вікенці Бажко зь Менску:
“Міхаіл Марыніч і яму падобныя прадаліся расейскім алігархам. Усе беларусы бачылі па тэлебачаньні, як у апазыцыянэра Марыніча знайшлі чамадан даляраў, якія прызначаліся на падрыўную дзейнасьць у Беларусі. Як пасьля ўсяго гэтага людзі будуць ставіцца да прадажнай беларускай апазыцыі? Відавочна ж, што ніхто проста так 100 000 даляраў ня дасьць: гэтыя грошы трэба вярнуць, і зь немалымі працэнтамі. Як іх будзе аддаваць Марыніч і ўся гэта апазыцыйная кампанія? Ясна, што, прыйшоўшы да ўлады, яны будуць рабаваць народ і дзяліцца са сваімі расейскімі гаспадарамі. Даўно пара паставіць заслону на нашай усходняй мяжы, і не пускаць з Расеі грошай, тэхнікі і падрыўной літаратуры, якімі расейскія палітыканы змагаюцца зь беларускай дзяржавай”.
Магу вам, спадар Бажко, нагадаць, як у чэрвені 1994 году на беларуска-латвійскай мяжы затрымалі грузавік зь вялікім накладам каляровых партрэтаў кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У сьціплы афіцыйны каштарыс выбарчай кампаніі тыя партрэты зусім ня ўпісваліся. І гэты факт тады вельмі шырока выкарыстоўвала афіцыйная прапаганда, якая адстойвала інтарэсы Вячаслава Кебіча.
Што да памежных слупоў на беларуска-расейскай мяжы, то той жа Аляксандар Лукашэнка іх аднаго разу ўжо выкопваў. Закрытая мяжа з Расеяй азначала бы поўную міжнародную ізаляцыю Беларусі. Згубна гэта было бы ня столькі для апазыцыі, колькі для самога Аляксандра Лукашэнкі.
Наступны ліст — ад Алега Кандыбы з Даўгаўпілсу. Слухач піша:
“Апазыцыйныя сілы ў Беларусі апынуліся ў інфармацыйнай ізаляцыі і слаба ўплываюць на грамадзтва. Гэтую важную задачу падчас выбарчай кампаніі ў парлямэнт, на маю думку, трэба ўскласьці на сьвядомую і адукаваную беларускую моладзь. Яна энэргічная, мэтанакіраваная, рашучая. Імёны маладых палітыкаў малавядомыя, што дае магчымасьць прарвацца ў парлямэнт. А старэйшыя палітыкі павінны аказаць маладым усялякую падтрымку. Галоўнае — прабіць глухую сьцяну і трапіць у Палату прадстаўнікоў: тады і кантактаваць з народам будзе лягчэй, і змагацца з фальшаваньнямі падчас выбараў і рэфэрэндумаў зьявіцца магчымасьць”.
Вашае, спадар Кандыба, сьцьвярджэньне пра тое, што малавядомым палітыкам лягчэй трапіць у парлямэнт — даволі спрэчнае. Хіба толькі вы маеце на ўвазе тое, што гэтыя людзі ў меншай ступені рызыкуюць пацярпець ад так званага “адміністрацыйнага рэсурсу” ўлады, чым асобы пазнавальныя, шырокавядомыя. Але гэта зусім ня ёсьць гарантыяй таго, што за іх прагаласуюць людзі. У любым выпадку, каб заваяваць давер выбарцаў, трэба дамагчыся, каб яны ведалі праграму кандыдата і верылі ў тое, што ён здольны яе ажыцьцявіць.
На заканчэньне — урывак зь ліста ад Ліліі Васілеўскай зь вёскі Трабы Іўеўскага раёну. Слухачка піша:
“Па магчымасьці кожны вечар стараюся слухаць вашыя перадачы. А раніцай уключаю ваш жывы эфір — і гучыць МОВА. Цікава ўсё. Ёсьць іншы раз і заўвагі, парывае напісаць, выказаць меркаваньне. Але адразу сесьці за ліст, бывае, не выпадае, а пазьней ужо і неактуальна. Патрэба ж слухаць Свабоду ўзмацнілася асабліва ў апошні час, калі ўвогуле немагчыма стала глядзець БТ і слухаць дзяржаўнае радыё (прычыны ўсім вядомыя). Вось таму Радыё Свабода — праменьчык сьвятла ў цемры неадукаванасьці і безгустоўнасьці.
...Што да нездавальненьня праграмай перадачаў суботы і нядзелі, якое нядаўна выказаў слухач, і адказу, што даў спадар Лукашук, дык тут усё цалкам зразумела: абодва маюць рацыю. Ведаеце, трэба разумець нас, слухачоў — такіх, якія слухаюць зраніцы і ўвечары ўсе гадзіны эфіру. Сапраўды, складваецца ўражаньне паўтораў. Але і тлумачэньне дырэктара гучыць вельмі пераканаўча: гэта яго “дзецішча”.
Мы ўдзячныя вам, спадарыня Васілеўская, за разуменьне і за добрыя словы.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Георгі Стараселец з Драгічына, Часлаў Хвайніцкі са Смаргоні, Алесь Марціновіч з Баранавічаў і Раман Зіноўеў зь Лёзна.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by. |
|
|
|
|