news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Цытаты мінулага

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Жывая мова
    Данчык выбірае

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Мая Свабода
    Прыватны дзёньнік

  
   Шукайце ў Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


16 Траўня 2004
 
“Ня веру ўладзе, якая сьцьвярджае, што беларусы сталі жыць лепш, чым у 1990 годзе”
 
Валянцін Жданко, Менск
 
Пачну зь ліста ад нашага апанэнта зь Берасьця, які падпісаўся як Іван Сьцяпанаў. Пра сябе ён паведамляе, што мае 72 гады і 49 зь іх ня слухаў ні Свабоды, ні ішых заходніх станцыяў. А цяпер вось слухае, і вельмі не задаволены тым, што гучыць па Беларускай Свабодзе. Слухач піша:

“Як я зразумеў, у вас адна мэта — усімі праўдамі і няпраўдамі дзе толькі можна выкопваць хоць бы самыя дробязныя нэгатыўныя факты з нашай рэчаіснасьці — ва ўгоду апазыцыі і вашых гаспадароў, якія шчодра за ўсё гэта плацяць. ...Вось нейкая жанчына на вуліцы крычыць: “Лукашэнка набудаваў спартыўных палацаў ды манэжаў — лепш бы нам гэтыя грошы аддаў”. Але толькі дэбіл не разумее, якую карысьць прыносяць спартыўныя збудаваньні і спорт. Хіба мы не павінны ганарыцца сваімі спартсмэнамі? Мы што, горшыя за ўсіх у сьвеце?

І вось такая нэгатыўная інфармацыя ў вас — бесьперапынна. Чужы чалавек можа падумаць, што ў нас усё і ўсюды кепска. Нібы ў нас і няма нічога выдатнага. Вы ж не паведамляеце, што Беларусь пастаўляе на экспарт 80% трактароў, 90% грузавікоў, 75% тэлевізараў. Што мы выпусьцілі новы аўтобус… Вы разам з апазыцыяй толькі адно паўтараеце: зьніклі “палітычныя дзеячы”, няма свабоды слова, арыштоўваюць невінаватых. Штогод спраўляеце хаўтуры па Ганчарыку, а ён, магчыма, выконвае заданьне апазыцыі і знарок схаваўся пад чужым імем дзе-небудзь у Бразыліі. А дзе ж, панове, ваша дэмакратыя, дзе прэзумпцыя невінаватасьці? Хто можа даказаць, што яны загінулі, а не ўцяклі, як Пазьняк у Варшаву ці Віньнікава ў Лёндан?

Вось вы паведамляеце: затрымалі Марыніча. А чаму ня кажаце, што ў яго знайшлі сто тысяч даляраў і пісталет у машыне? Што, язык не паварочваецца: вось гэтак жа маўчыце і пра тое, за што затрыманыя ўдзельнікі “Чарнобыльскага шляху”. Непрыгожа ўсё гэта, спадары са Свабоды”, — гэтак дакарае нас у сваім лісьце 72-гадовы пэнсіянэр зь Берасьця, які падпісаўся як Іван Сьцяпанаў.

Здаецца мне, спадар Сьцяпанаў, што ня надта ўважліва вы слухаеце наша радыё. Тое, што пераблыталі прозьвішча Віктара Ганчара — можа, і выпадкова. А вось калі бы пільна сачылі за тым, як асьвятлялася сытуацыя вакол арышту Міхаіла Марыніча — мусілі бы заўважыць, што пра ўсе дэталі (і пра забраныя з машыны 90 тысяч даляраў, і пра знойдзеныя на лецішчы два пісталеты) мы неаднаразова паведамлялі.

Тое ж датычыць і тэмы зьніклых беларускіх палітыкаў. Справай гэтай займаліся ня толькі недзяржаўныя мэдыі й апазыцыйныя актывісты, якіх вы, спадар Сьцяпанаў, лічыце неаб’ектыўнымі і зацікаўленымі. Міжнародныя экспэрты, адмысловая камісія Рады Эўропы шмат месяцаў вывучала дакумэнты і сьведчаньні, неаднаразова сустракалася з многімі асобамі ў Беларусі і за яе межамі. Прынятая адмысловая рэзалюцыя Рады Эўропы, у якой беларускім уладам прапануецца адказаць на канкрэтныя пытаньні, правесьці грунтоўнае расьсьледаваньне, абапіраючыся на ўжо выяўленыя факты датычнасьці пэўных асобаў да гэтых зьнікненьняў. Праблема ў тым, што ўлада такое расьсьледаваньне праводзіць адмаўляецца, нягледзячы на рэальную пагрозу яшчэ больш жорсткіх міжнародных санкцыяў.

Чаму мы, спадар Сьцяпанаў, зьвяртаем такую пільную ўвагу менавіта на гэтыя і падобныя на іх праблемы, зьвязаныя з правамі чалавека, і рэдка апісваем дасягненьні й посьпехі беларускай улады, ад якіх вы ў захапленьні? Ня толькі таму, што не падзяляем вашаша захапленьня і маем падставы сумнявацца ў гэтых дасягненьнях. У Беларусі амаль не засталося сродкаў масавай інфармацыі, якія бы адважваліся пісаць тое, што не падабаецца ўладзе. А людзі хочуць і маюць права ведаць праўдзівую інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне. Нават вы, хоць і не падзяляеце нашых поглядаў, пэрыядычна настройваецеся на Свабоду. Хоць, калі бы хацелі ведаць толькі пра посьпехі і дасягненьні, цалкам маглі бы абмежавацца дзяржаўным тэлебачаньнем.

Ліст ад Георгія Старасельца з Драгічына. Слухач піша:

“Я — інвалід 2-й групы. Не працую. Жыву з пэнсіі і з агароду, які апрацоўваю сам, зь сям’ёй. Мне каля 50 гадоў. З прычыны стану здароўя вельмі цяжка перамяшчацца ў прасторы, таму большую частку часу праводжу дома. Узровень нашай цывілізацыі не дазваляе мне адарвацца ад дому больш як на шэсьць гадзінаў.

У вольны час шмат чытаю і слухаю радыё. Беларускую Свабоду ўпершыню пачуў у 1975 годзе, але многія гады з-за глушылак слухаў рэдка. Добра было чуваць зімовымі вечарамі, калі прыём быў амаль безь перашкодаў. Калі маеце цытаваць мой ліст, то называйце мяне Георгіем Старасельцам. За сябе не баюся, але, магчыма, вас слухаюць нядобразычліўцы, якія могуць нашкодзіць маім блізкім. А гэта жонка, якая працуе ў дзяржаўнай установе; дачка — студэнтка сталічнага каледжу, якая вучыцца за дзяржаўны кошт, атрымлівае стыпендыю, жыве ў інтэрнаце; і дачка-школьніца, якая добраахвотна-прымусова ўступіла ў піянэры.

Я вяду даволі замкнёны лад жыцьця. Асноўныя суразмоўцы — некалькі суседзяў-пэнсіянэраў. З аднагодкамі і маладзейшымі кантактую мала: далёка жывуць. Але пераканаўся, што ў большасьці тутэйшых — поўная абыякавасьць да таго, што адбываецца наўкол. Цікавяць толькі чарка ды шкварка (прычым больш — першае). Тэлевізар я амаль ігнарую”.

Георгі Стараселец з Драгічына, які напісаў гэты ліст — радыёаматар зь вялікім стажам. Для нашых тэхнічных службаў ён даслаў цікавыя вынікі свайго шматгадовага маніторынгу чутнасьці Свабоды ў сваёй мясцовасьці і ўласныя рэкамэндацыі. Ня першы раз мы сутыкаемся зь лістамі, аўтары якіх папярэджваюць, што падпісаліся выдуманымі прозьвішчамі, і тлумачаць прычыну гэтага — боязь перасьледу толькі за тое, што слухаюць Свабоду. Страх гэты, які, здавалася, назаўсёды адышоў на пачатку 1990-х гадоў, сёньня да многіх вярнуўся. Нягледзячы нават на тое, што за слуханьне ня ўгодных уладзе радыёстанцыяў і чытаньне недзяржаўных газэтаў да адказнасьці нібыта ў апошні час не прыцягвалі. Але многія людзі памятаюць часы, калі гэтага было дастаткова, каб апынуцца ў ліку так званых “ворагаў народу”.

Ліст ад Алега Богдана з Горадні. Слухач піша:

“Зь вялізным зьдзіўленьнем даведаўся, што даходы насельніцтва ў Беларусі нібыта перавысілі ўзровень 1990 году. Якая бессаромная хлусьня. Выйдзіце на вуліцу і спытайце ў першага сустрэтага мінака, ці зарабляе ён сёньня столькі ж, як у 1990 годзе. Што за разумнік рабіў падлікі? І каго гэткім чынам хочуць падмануць? Я пятнаццаць год таму, працуючы майстрам на заводзе, зарабляў 300 рублёў. Зь іх за кватэру плаціў 8 рублёў. Хлеб тады каштаваў 18 капеек, талён на гарадзкі аўтобус — 4 капейкі, літар бэнзына — 20 капеек. Цяпер я зарабляю 300 тысяч. За кватэру апошні раз заплаціў 100 тысяч (гэта, атрымліваецца, 100 рублёў на савецкія грошы — калі дапусьціць, што ў мяне такія ж даходы, як у 1990 годзе), за праезд трэба выкласьці 250 рублёў (гэта як бы за камуністамі зь мяне запатрабавалі 25 капеек). Хлеб цяпер у пераліку на тыя грошы каштаваў бы шэсьцьдзесят капеек, а бэнзын — больш за рубель. А паспрабуйце цяпер набыць каўбасу “Доктарскую” вышэйшага гатунку за 2200 рублёў ці квіток ў кіно за 400 рублёў. А менавіта ж столькі яны павінны каштаваць, калі прыраўняць мае цяперашнія 300 тысяч да тых 300 савецкіх рублёў. Людзі, за рэдкім выключэньнем, якімі зьяўляюцца начальнікі і набліжаныя да іх багацеі, сталі жыць значна горш — гэта відавочна для ўсіх, хто цьвяроза ацэньвае сытуацыю. А тэлебачаньне да газэты хлусяць, што жывем ужо лепш, чым за камуністамі”.

Лічбы, якія вас, спадар Богдан, так абурылі, падае афіцыйная беларуская статыстыка. Калі памятаеце, у савецкі час статыстычным дадзеным таксама было няшмат веры. Паводле зьвестак ЦСУ, савецкая эканоміка крочыла ад перамогі да перамогі, а савецкія грамадзяне штогод спажывалі ўсё большую колькасьць разнастайных тавараў. Пра што тыя самыя савецкія грамадзяне даведваліся са зьдзіўленьнем, бо ў крамах колькасьць тавараў, наадварот, штогод скарачалася. Але статыстыка была часткай прапагандысцкай машыны кампартыі: савецкія статыстыкі лічылі так, каб атрымліваліся лічбы, патрэбныя партыі.

Мэтодыкі тых падлікаў, верагодна, запатрабаваныя і цяпер. Напрыклад, можна перавесьці тыя 300 рублёў, якія вы, спадар Богдан, атрымлівалі ў 1990 годзе, у даляры паводле тагачаснага курсу “чорнага” рынку (за даляр тады, памятаецца, давалі чатыры рублі). Атрымаецца, што зараблялі вы тады 75 даляраў. А цяпер зарабляеце 140 даляраў. Значыць, даходы вашы ўзрасьлі амаль удвая ў цьвёрдай валюце. Хоць фактычна вашы рэальныя даходы значна скараціліся: гэта вы самі даказалі прыведзенымі ў лісьце лічбамі і прыкладамі.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, Уладзімер Крушкін з Магілёва і Маргарыта Пушкевіч зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2004 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.